КАРЫ́ЧНЕВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, што ўтвараюцца ў горных раёнах пад покрывам сухіх вечназялёных лясоў і хмызнякоў ва ўмовах папераменна-вільготнага субтрапічнага клімату. Маюць карычневую афарбоўку, якая ўнізе паступова святлее. Асн. падтыпы: вышчалачаныя, тыповыя і карычневыя карбанатныя. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Закаўказзі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы.

Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, значным агліненнем (на 30—60 см), насычанасцю кальцыем, нейтральнай рэакцыяй. Магутнасць гумусавага гарызонта 30—40 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, сады.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)